ПРАБЛЕМЫ ФАРМІРАВАННЯ МОЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ БУДУЧЫХ МЕДЫКАЎ

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі Э.В. Ярмоленка прынялі ўдзел у ІІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі  «Бесперапынная прафесійная медыцынская адукацыя і атэстацыя медыцынскіх работнікаў: у фокусе дыстанцыйных і сімуляцыйных тэхналогій», якая прайшла на базе Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

І.Л. Капылоў выступіў з дакладам “Фарміраванне моўнай кампетэнцыі будучых урачоў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму Беларусі, у якім  засяродзіў увагу на праблеме зніжэння агульнага ўзроўню маўленчай кампетэнцыі моладзі. Дакладчык адзначыў важнасць культуры маўлення, якая патрабуе валодання нормамі вуснай і пісьмовай літаратурнай мовы. Таксама І.Л. Капылоў звярнуў увагу на асобныя праблемы медыцынскай тэрміналогіі, асабліва на праблемы яе выкладання ў медыцынскіх ВНУ ў рамках курса “Беларуская мова: прафесійная лексіка”. На думку Ігара Лявонавіча, пры выкладанні гэтага курса неабходна ўжываць тэрміналогію, якая адпавядае статусу нарматыўнай, гэта значыць характарызуецца такімі асаблівасцямі, як дакладнасць,  адназначнасць і сістэмнасць.

У сваім дакладзе «Праблемы ўпарадкавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі» Э.В. Ярмоленка прывяла кароткія звесткі з гісторыі развіцця беларускай медыцынскай тэрміналогіі ў  XIV–XVIII cтст. (расказала пра ўжыванне медыцынскай лексікі ў “Арыстоцелевых варотах” (сярэдзіна XVI ст.), “Лексісе” Л. Зізанія (1596) і інш.), распавяла аб дзейнасці Медыцынскай секцыі пры Інстытуце беларускай культуры, заснаванай у 1924 г., першым падручніку на беларускай мове для вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў, разгледзела перакладныя спецыяльныя слоўнікі, выданне якіх актывізавалася з дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя.

Дакладчыца пералічыла шэраг праблем ва ўжыванні сучаснай беларускай медыцынскай тэрміналогіі: супадзенне формаў розных тэрмінаў, сінанімія, адвольная варыянтнасць, неабгрунтаванае ўвядзенне запазычаных тэрмінаў, перанасычэнне даведнікаў аўтарскімі наватворамі і вузкадыялектнай лексікай і інш., у прыватнасці адзначыла, што сучасная беларуская медыцынская тэрміналогія характарызуецца наяўнасцю арфаграфічных варыянтаў, аднак, на думку даследчыкаў, такая варыятыўнасць з’яўляецца заканамерным працэсам адаптацыі іншамоўных запазычанняў.

Э.В. Ярмоленка звярнула ўвагу на тое, што пры падборы беларускіх адпаведнікаў мэтазгодна вызначаць найбольш прыдатную адзінку сярод сінонімаў, арыентуючыся на такія катэгорыі, як традыцыйнасць, частотнасць, дакладнасць, дэрывацыйныя магчымасці тэрміна, наяўнасць іншых аднакаранёвых утварэнняў.

 Вынікам работы па ўпарадкаванні тэрміналогіі, як у свой час падкрэслівала Любоў Антанюк, павінна быць ацэнка адпаведнасці тэрміна паняццю, тым патрабаванням, якія павінен задавальняць тэрмін як член пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, і стварэнне новых лагічна абгрунтаваных тэрмінаў.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы