Ад першай граматыкі да будучай

19 – 20 студзеня 2017 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская граматыка: ад Браніслава Тарашкевіча да сучаснасці”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння стваральніка першага нарматыўнага дапаможніка.

Для аддзела сучаснай беларускай мовы, які з’яўляецца арганізатарам канферэнцыі, гэта мерапрыемства мела два ключавыя моманты. Першае, ушанаванне імя Браніслава Тарашкевіча як пачынальніка ўнармавання  сучаснай беларускай літаратурнай мовы, актуалізацыя вывучэння і пераемнасці яго спадчыны. Другое, абмеркаванне пытанняў сістэматызацыі марфалагічных катэгорый, словазмяняльных парадыгм, спосабаў словаўтварэння, узаемадзеяння сінтаксічных канструкцый у сувязі з мяркуемым выданнем у бліжэйшыя гады новай акадэмічнай граматыкі беларускай мовы.

Адкрыў канферэнцыю прывітальнымі словамі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Іванавіч Лакотка. Ён падкрэсліў, што вучоныя акадэмічнага Інстытута мовазнаўства традыцыйна ўдзяляюць вялікую ўвагу праблемам выпрацоўкі і ўдасканалення літаратурных норм, замацоўваючы іх у зводах правіл арфаграфіі і пунктуацыі, у фундаментальных выданнях нарматыўных граматык, слоўнікаў, практычных даведнікаў. Зараз перад мовазнаўцамі чарговы раз стаіць актуальная задача падрыхтоўкі новай граматыкі, якая сумясціць навуковае апісанне граматычнага ладу беларускай мовы з нарматыўнымі рэкамендацыямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Граматыка заклікана забяспечыць адзінства моўнага рэжыму ў навучанні на ўсіх узроўнях адукацыі і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў.

Пленарны даклад “Граматыст стагоддзя: ёсць над чым падумаць і папрацаваць” загадчыцы аддзела сучаснай беларускай мовы, доктара філалагічных навук Валянціны Паўлаўны Русак быў прысвечаны высокай ацэнцы першай работы ў галіне лінгвістыкі і яе аўтара – “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча. Аб узроўні і якасці выдання “сведчыць той факт, што правапіс, унармаваны Тарашкевічам, ляжыць у аснове правапісных норм беларускай літаратурнай мовы па сённяшні дзень”, – указала даследчыца. Менавіта Тарашкевіч прывёў у парадак моўную рознагалосіцу народных гаворак, дзе “кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае месца ў нашым пісьменстве”. Фактычна, Браніслаў Тарашкевіч зрабіў для беларускай мовы тое, што Міхайла Ламаносаў – для рускай у выданні “Российская грамматика 1755 года, – падкрэсліла В.П. Русак.

Першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец прадставіў даклад аб дынаміцы арфаграфічных і граматычных норм беларускай мовы. Ён падкрэсліў, што выхад “Беларускай граматыкі для школ” Б. Тарашкевіча найлепшым чынам адпавядаў задачам упарадкавання выдавецкай справы і школьнага навучання на роднай мове. Граматыка была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавыдавалася і адыграла выключна важную ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Менавіта як аўтар “Беларускай граматыкі для школ” Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч у 1928 г. быў абраны правадзейным членам АН БССР. Сфармуляваныя ў Граматыцы правілы атрымалі ўсеагульнае прызнанне, многія замацаваліся ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ, кандыдат філалагічных навук Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі звярнуў увагу на неабходнасць змен у падыходах да паняцця “норма” ў сучаснай стылістыцы, паколькі розны лінгвістычны матэрыял ў межах свайго стылю можа быць  нормай. Неабходна больш дакладная дыферэнцыяцыя.

Дырэктар Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук Ігар Лявонавіч Капылоў узняў пытанне аб неабходнасці нармалізацыі сістэмы скланення прозвішчаў у сучаснай беларускай мове, паколькі рэкамендацыі папярэдніх дапаможнікаў разыходзяцца. 

Намеснік дырэктара нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралагічных навук, Алесь Аляксандравіч Суша прадставіў шыкоўную відэапрэзентацыю, у тым ліку аб беларускіх навучальных дапаможніках XVI ст. Культуролаг адзначыў важнасць замежнага партнёрства ў пошуку і захаванні айчынных кніжных рэліквій.

Назіранні за сучасным развіццём арфаэпічнай, марфагічнай і сінтаксічнай сістэмамі беларускай літаратурнай мовы прадставілі лінгвісты на трох секцыйных пасяджэннях канферэнцыі: “Гісторыя станаўлення граматычнай сістэмы беларускай мовы; Навуковая і перакладчыцкая дзейнасць Б. Тарашкевіча” (старшыня – кандыдат філалагічных навук Вераніка Аляксандраўна Мандзік), “Распрацоўка новай нарматыўнай граматыкі і стандарты моўнага нарміравання” (старшыня – кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч), “Сучасны стан беларускай мовы і яе граматычная нармалізацыя” (старшыня – кандыдат філалагічных навук Таццяна Яўгеньеўна Максімава). Маладыя і аўтарытэтныя даследчыкі прапанавалі новыя падыходы да граматычнай і сінтаксічнай тэрміналогіі, словазмянення і спалучэння слоў. Усе гэтыя актуальныя выступленні, вынікі і заўвагі будуць карыснымі для распрацоўкі новай граматыкі. Заслугоўвае ўвагі выступленне супрацоўнікаў Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, якія прадставілі праграмныя распрацоўкі для стварэння базы лінгвістычнага матэрыялу, яго хуткай і якаснай праверкі. Цікавым было выступленне Яўгеніі Вітальеўны Волкавай, якая правяла супастаўленне перакладаў паэмы “Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча на беларускую (Б. Тарашкевіч) і ніжнялужыцкую (А. Мешканка) мовы.

Трэба падкрэсліць, што ўсе даклады вызначаліся навуковымі знаходкамі і цікавымі матэрыяламі, суправаджаліся даклады абмеркаваннямі і дыскусійнымі пытаннямі.

Круглы стол “Роля і месца акадэміка Браніслава Тарашкевіча ў беларускім нацыянальным адраджэнні” працягнуў абмеркаванне пытанняў жыцця, дзейнасці і навуковай спадчыны мовазнаўца. Арыгінальнай і пазнавальнай была відэапрэзентацыя архіўных матэрыялаў біяграфіі знакамітага лінгвіста, здымкаў шасці арыгінальных выданняў Граматыкі, сямейнага архіву, падрыхтаваная Валянцінай Паўлаўнай Русак, Вольгай Уладзіміраўнай Русак і Веранікай Аляксандраўнай Мандзік.

Прагучала цікавае аўдыявыступленне доктара філалагічных навук, прафесара Арсеня Сяргеевіча Ліса, аўтара манаграфіі аб Б. Тарашкевічу. Можна ўзгадаць выказванне аб “сувязі лінгвіста і вядомага паэта М. Багдановіча, бо спачатку прапанавалі напісаць граматыку Максіму Адамавічу, а выканаў заданне Браніслаў Адамавіч. У самай вядомай друкарні Марціна Кухты выйшлі знакавыя кнігі навучальная “Беларуская граматыка для школ” (1918) і паэтычны зборнік “Вянок” (1917)”.

Два даклады Круглага стала былі прысвечаны праблемам фарміравання арфаграфічных норм. Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец паказаў узаемаўплыў грамадска-палітычнай сітуацыі на Беларусі, уздзеянне рускай і польскай моў на нарматыўныя арыенціры. Дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, кандыдат філалагічных навук Сяргей Мікалаевіч Запрудскі адзначыў складанасць рэальнага выканання арфаграфічных рэкамендацый па асваенні замежных слоў беларускай мовай у пачатку ХХ ст. па прычыне нешырокага ўжывання мовы ў афіцыйнай сферы, адсутнасці папярэдніх даследаванняў і інш.

 

 

Кацярына Шчасная

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы