Адбыўся круглы стол “І.В. Воўк-Левановіч і беларуская гістарычная лексікаграфія 20-х гг. ХХ ст.”

21 снежня 2021 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” адбыўся круглы стол “І.В. Воўк-Левановіч і беларуская гістарычная лексікаграфія 20-х гг. ХХ ст.”, прымеркаваны да 130-годдзя нараджэння вучонага і да 100-годдзя Iнстытута беларускай культуры.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы  Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Генадзь Апанасавіч Цыхун,  загадчык сектара рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Таццяна Іванаўна Жук; кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Мікалаевіч Максімчык; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Наталля Вікенцьеўна Паляшчук; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ірына Уладзіміраўна Будзько; кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Наталля Юр’еўна Перавалава; кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.

Таццяна Іванаўна Жук у сваім дакладзе “Іосіф Васільевіч Воўк-Левановіч. Да 130-годдзя з дня нараджэння” расказала пра жыццё і лёс беларускага мовазнаўца, падмацаваўшы сваё выступленне матэрыяламі з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі: некаторыя дакументы біяграфічнага характару, чарнавікі навуковых прац, матэрыялы выкладчыцкай дзейнасці, выпісы па мовазнаўстве, нешматлікая калекцыя матэрыялаў, сабраных І.В. Воўкам-Левановічам: кнігі з яго паметамі, вытрымкі з газет і часопісаў і інш.).  Таццяна Іванаўна звярнула ўвагу прысутных на тое, што асабісты архіў вучонага захоўваўся да 1983 г. у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, пазней быў перададзены ў Цэнтральную навуковую бібліятэку, а ў 1984 г. дачка Іосіфа Васільевіча Ксенія Іосіфаўна дапоўніла архіўныя матэрыялы, перадаўшы пэўную колькасць дакументаў свайго бацькі. Зараз архіў, які захоўваецца ў  бібліятэцы, налічвае 171 адзінку і ахоплівае перыяд жыцця і дзейнасці І.В. Воўка-Левановіча з 1918 года па 1942 год.

Выступленне Андрэя Мікалаевіча Максімчыка грунтавалася на аснове раней не апублікаваных дакументаў, у тым ліку матэрыялаў (даведкі, пасведчанні, успаміны, пісьмы, фотаздымкі) асабістага архіва ўнука Іосіфа Васільевіча Барыса Навумавіча Левановіча) і навейшай гістарыяграфіі. Даследчык расказаў пра невядомыя факты біяграфіі І.В. Воўка-Левановіча, звязаныя з яго вучобай у Бабруйскай класічнай гімназіі (1901–1911), Петраградскім універсітэце (1911–1923), службай у арміі, знаходжаннем у шпіталі, працай у Бабруйскай прыватнай гімназіі, Клецкай грамадскай гімназіі, у Беларускім дзяржаўным універсітэце (1924–1930), узаемаадносінамі з калегамі, сям’ёй,  навуковымі даследаваннямі; падкрэсліў, што Іосіф Васільевіч актыўна працаваў як лектар і вучоны, нягдедзячы на не заўсёды спрыяльную атмасферу.

 На меркаванне Андрэя Мікалаевіча, далейшая планамерная праца ў архівах Беларусі і Расіі, найперш у Саратаве і Арэнбургу, дзе адпаведна ў 1930–1934 гг. і 1934–1937 гг. пражываў І.В. Воўк-Левановіч, дасць магчымасць пашырыць, удакладніць і канкрэтызаваць існуючыя звесткі з жыцця вучонага. Таксама даследчык выступіў з ініцыятавай аб публікацыі наяўных матэрыялаў аб жыцці і навукова-педагагічнай  дзейнасці І.В. Воўка-Левановіча, падрыхтаваных ім даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, гісторыі рускай мовы, дыялекталогіі беларускай мовы, што будзе садзейнічаць   папулярызацыі ведаў пра вядомага лінгвіста 20-х гадоў ХХ ст.

Наталля Вікенцьеўна Паляшчук у дакладзе “І.В. Воўк-Левановіч і падрыхтоўка “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў 20-я гады ХХ ст.”  узгадала меркаванні мовазнаўцаў таго часу аб неабходнасці ўпарадкавання і апрацоўкі слоўнага багацця беларускай мовы XIV–XVIII стст., расказала аб складзе і выніках дзейнасці камісіі па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы, якая была створана пры кафедры гісторыі беларускай мовы аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры. Характарызуючы ўклад І.В. Воўка-Левановіча ў падрыхтоўку гістарычнага слоўніка, яна падрабязна спынілася на яго інструкцыі “Аб прынцыпах і метадах укладання Гістарычнага Слоўніка Беларускае мовы” (была зацверджана 4 лютага 1928 г., апублікавана ў 1929 г.), якую трэба разглядаць як ключавую, асноўную працу пры стварэнні названага гісторыка-лінгвістычнага даведніка. У прыватнасці, у інструкцыі І.В. Воўк-Левановіч  1) абгрунтаваў неабходнасць стварэння слоўніка, які будзе мець значэнне не толькі для “мэт спецыяльна навуковых, але і для практыкі ўсяго культурнага будаўніцтва”, 2) вызначыў храналагічныя межы і крытэрыі адбору крыніц (пры адборы крыніц слоўніка дамінуючым быў прызнаны тэрытарыяльны крытэрый; храналагічныя межы слоўніка былі абмежаваны XIII–XVIIІ стст.), 3) размеркаваў крыніцы па пяці групах (І – помнікі ўрадавай (актавай) мовы; ІІ – юрыдычныя кодэксы; ІІІ – беларуска-літоўскія летапісы; IV – аповесці свецкага зместу; V – кнігі рэлігійна-навучальнага характару), 4) прапанаваў план апісання кожнага помніка (уключаў 11 пунктаў); 5) адзначыў мэтазгоднасць  трохступеньчатай сістэмы працы над слоўнікам. Таксама І.В. Воўк-Левановіч перапісваўся з Я.К. Цімчанкам, які ўзначальваў камісію па ўкладанні гістарычнага слоўніка ўкраінскай мовы, адносна пытання размежавання беларускіх і ўкраінскіх помнікаў як крыніц гістарычных слоўнікаў беларускай і ўкраінскай моў. Вучоны працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі, Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы, бібліятэках Расіі з мэтай выяўлення старабеларускіх рукапісных і друкаваных помнікаў, іх далейшага выкарыстання як крыніц слоўніка.

Ірына Уладзіміраўна Будзько ў сваім выступленні распавяла пра погляды І.В. Воўка-Левановіча на мову выданняў Францыска Скарыны, абапіраючыся на артыкул “Мова выданняў Францішка Скарыны”, надрукаваны ў зборніку навуковых артыкулаў “400-лецце беларускага друку” (Мінск, 1926). У гэтым артыкуле І.В. Воўк-Левановіч палемізуе з П.В. Уладзіміравым, які з’яўляўся фактычна першым грунтоўным даследчыкам скарынаўскай спадчыны. Менавіта Уладзіміраў першым вызначыў якасць мовы перакладаў Скарыны і зрабіў выснову аб тым, што гэта беларуская мова. У артыкуле Воўка-Левановіча ёсць указанне на тое, што ён (Воўк-Левановіч) прытрымліваецца дыяметральна супрацьлеглых поглядаў, як і яго навуковы кансультант А.І. Сабалеўскі. І.В. Воўк-Левановіч у першай частцы свайго даследавання неаднаразова ўказвае на царкоўнаславянскую аснову мовы беларускага першадрукара, прыводзячы шмат цытат і аргументаў сваіх папярэднікаў. Другая частка артыкула прысвечана канкрэтна аналізу моўных асаблівасцей скарынаўскіх выданняў. На 10 старонках аўтар пералічае беларускія рысы на ўсіх моўных узроўнях, часта прыводзячы паралелі з сучаснай яму беларускай мовы. Фактычна артыкул заканчваецца без канкрэтных высноў, што сведчыць пра складанасць пытання і неабходнасць больш грунтоўных даследаванняў скарынаўскай спадчыны, гэта было зроблена толькі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст.

Наталля Юр’еўна Перавалава ў дакладзе “І.В. Воўк-Левановіч і яго «Лекцыі па гісторыі беларускай мовы»” распавяла, што ў 1927 г. І.В. Воўк-Левановіч выдаў на ўласныя сродкі “Лекцыі па гісторыі беларускай мовы”, якія былі зацвержаны Народным камісарыятам асветы БССР у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў этнолага-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ. Кніга была надрукавана абмежаваным тыражом на гектографе – прасцейшым тагачасным размнажальным апараце. У 1994 г. у выдавецтве “Народная асвета” ў серыі “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць” “Лекцыі” І.В. Воўка-Левановіча выйшлі асобным выданнем, перадрукаваным з мікрафільма, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У кнізе асвятляюцца такія пытанні, як месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх, яе дыялектнае чляненне, крыніцы вывучэння гісторыі беларускай мовы, гукавыя змены дапісьмовага і пісьмовага часу і інш.  У наш час “Лекцыі па гісторыі беларускай мовы” трэба разглядаць перш за ўсё як цікавы і каштоўны помнік беларускай мовазнаўчай навукі на пэўным этапе яе развіцця.

Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка выступіла з паведамленнем “Мовазнаўчая спадчына І.В. Воўка-Левановіча”. Яна адзначыла, што кола навуковых інтарэсаў І.В. Воўка-Левановіча складалі гісторыя мовы, фанетыка і дыялекталогія. Першая надрукаваная навуковая работа вучонага – “Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі”, станоўча ацэненая Я.Ф. Карскім, з’явілася ў “Працах БДУ” ў 1925 г. Многа ўвагі надаваў даследчык пытанням вывучэння і выдання старабеларускай пісьмовай спадчыны. Шэраг заўваг і рэкамендацый на гэту тэму выказаны ім у артыкуле “Кароткія ўвагі на некаторыя помнікі беларускае мовы ў Ленінградзе” (1929). І.В. Воўк-Левановіч падрыхтаваў да друку “Хрэстаматыю па гісторыі беларускай мовы”, якая, аднак, не была выдадзена. Пытанням беларускай дыялекталогіі прысвечаны такія работы даследчыка, як “Беларускае аканне” (1926), “Важнейшыя рысы гаворкi вёскi Татаркавiчы i гаворак ваколiчных вёсак” (1928) і інш. Пасля ад’езду з Беларусі ў 1930 г. І.В. Воўк-Левановіч займаўся даследаваннямі па агульным мовазнаўстве і рускай мове. Каля 1932 г. ён падрыхтаваў манаграфію “Введение в грамматику русского языка” (дапаможнік для выкладчыкаў рускай мовы і лінгвістаў), якую хацеў абараняць на атрыманне вучонай ступені доктара філалагічных навук. Даследчык працаваў і над манаграфіяй “К истории русского литературного языка. Формы словообразования в языке Петровской эпохи” (першая яе частка абммяркоўвалася ўжо ў снежні 1930 г.). Па матэрыялах, што захаваліся ў архівах даследчыка, можна меркаваць, што ў Расіі ён працягваў займацца і дыялекталогіяй.

Генадзь Апанасавіч Цыхун расказаў аб успамінах І.В. Воўка-Левановіча (рукапіс), якія цяпер захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (асобныя іх часткі былі перададзены сваякамі вучонага ў Інстытут мовазнаўства АН БССР). На думку Г.А. Цыхуна, некаторыя фрагменты ўспамінаў хутчэй нагадваюць “нататкі для сябе”, чым дзённікавыя запісы, бо адсутнічаюць даты, калі яны запісаны, няма пачатку запісаў, асобныя аркушы, відавочна, пераблытаны. Захаваныя фрагменты маюць суб’ектыўны характар, асвятляюць у асноўным спецыфічныя стасункі іх аўтара з яго выкладчыцкім і навуковым акружэннем, сведчаць аб пэўным светапоглядным канфлікце паміж прадстаўнікамі старой філалагічнай школы (Я.Ф. Карскі, М.М. Піятуховіч, І.І. Замоцін, І.В. Воўк-Левановіч і інш.) і “младабеларусамі” (С.М. Некрашэвіч, Я.Ю. Лёсік, М.Я. Байкоў, Л.М. Цвяткоў).

 У заключэнне мерапрыемства ўсе ўдзельнікі і прысутныя падтрымалі ідэю адносна выдання матэрыялаў, звязаных з біяграфіяй як І.В. Воўка-Левановіча, так і іншых лінгвістаў 20-х гг. мінулага стагоддзя, якія ўнеслі ўклад у развіццё беларускага мовазнаўства ў названы храналагічны перыяд.

 

 

Супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы