Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906-1915). У 5 т. Т. 4

Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906-1915). У 5 т. Т. 4: С—Я / Уклад. I. А. Гапоненка, М. Н. Крыўко, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай, А.М.Анісім. -Мінск : Тэхналогія, 2019. - 648 с.

 

УСТУПНАЕ СЛОВА

У гісторыі кожнай мовы ёсць асабліва адметныя, этапныя перыяды. Для беларускай мовы такім быў пачатак ХХ стагоддзя – перыяд нацыянальна-культурнага адраджэння. Закон «Аб свабодзе друку» (1906 г.) зняў забарону на беларускае друкаванае слова, і неўзабаве голасна заявілі пра сябе першыя легальныя беларускамоўныя газеты «Наша Доля», «Наша Ніва», «Biełarus».

З фіксацыі на пісьме жывой народнай гаворкі распачалася гісторыя новай беларускай літаратурнай мовы. Найбольшы поспех у яе станаўленні і развіцці, у наданні ёй яркага нацыянальнага аблічча і шырокага грамадскага гучання выпаў на долю штотыднёвай грамадска-палітычнай, літаратурна-мастацкай і навукова-папулярнай газеты «Наша Ніва», што выдавалася ў Вільні ад 10 лістапада 1906 да 7 жніўня 1915 года кірыліцай і паралельна да 31 кастрычніка 1912 года лацінкай. Яе рэдактарамі і выдаўцамі ў розныя часы былі З. Вольскі, А. Уласаў, І. Луцэвіч (Янка Купала). Фінансава газету падтрымлівалі браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Магдалена Радзівіл, сябар Францішка Багушэвіча першы беларускі рэкламадаўца віленскі прадпрымальнік Зыгмунт Нагродскі і іншыя.

Дзейнасць «Нашай Нівы» выйшла далёка за межы звычайнай газеты. Для беларусаў яна служыла асноўным культурным асяродкам, нацыянальнай школай асветніцтва, сімвалам адраджэння нацыі. У гісторыю беларускага народа «Наша Ніва» ўвайшла як унікальная нацыянальная з’ява, як важны пісьмовы дакумент, помнік-энцыклапедыя традыцыйнай культуры, як адна з тых гістарычных вех, якімі пазначаны шлях беларускай духоўнасці. Ад самага пачатку свайго існавання газета імкнулася абудзіць свядомасць свайго народа, вярнуць яму духоўныя і інтэлектуальныя арыенціры, узняць прэстыж роднай мовы. Асаблівая роля ў ажыццяўленні гэтых намераў адводзілася лепшым прадстаўнікам адраджэнцкага руху – выдатным майстрам мастацкага слова, публіцыстам, грамадскім дзеячам, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Цётка, Канстанцыя Буйло, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Лявон Гмырак, Карусь Каганец, Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Буйніцкі, Сяргей Палуян і шмат іншых. Развіваючы традыцыі Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, яны рашуча павярнулі нацыянальную мову да народных вытокаў, распачалі этап аднаўлення і напрацоўкі ўсяго таго, што вылучае яе як самабытную, выразна акрэсленую індывідуальнасць сярод іншых культурна-сталых моў свету. Пад іх пяром беларускае гутарковае слова праходзіла апрацоўку мастацкім талентам, шліфавалася, удасканальвалася.

Нашаніўскі перыяд храналагічна кароткі, але надзвычай важны і выніковы ў гісторыі развіцця беларускай мовы. Гэта перыяд, на які прыпала выпрабаванне нашай новай літаратурнай мовы на жыццёвасць, станаўленне яе лексічнага складу, нацыянальных нормаў, структурна-функцыянальных стыляў і іншых характэрных асаблівасцей. Менавіта на старонках «Нашай Нівы» беларуская мова ўзнялася да ўзроўню літаратурнай мовы нацыі, а газета – да вышынь агульнанацыянальнага пісьмовага помніка, падобнага якому на тую пару не меў ні адзін славянскі народ. Гэта была ўжо не старая кніжная беларуская мова і не фіксацыя нейкага аднаго дыялекту, а новая, адзіная для ўсіх беларусаў пісьмовая мова, у якой агульнанацыянальныя формы відавочна пераважалі над лакальнымі.

«Наша Ніва» падсумавала ўсё найбольш істотнае ў беларускай нацыянальнай традыцыі і заклала трывалы падмурак беларускай літаратурнай мовы на жывой народнай аснове, акрэсліла шэраг тэндэнцый, якія вызначылі перспектыву яе далейшага развіцця. Без уліку гэтых тэндэнцый, без глыбокага аналізу і падрабязнай сэнсавай характарыстыкі лексікі нашаніўскага перыяду немагчыма спасцігнуць сутнасць феномена новай беларускай літаратурнай мовы, атрымаць аб’ектыўнае ўяўленне пра лексічныя і семантычныя працэсы, што адбыліся і адбываюцца ў нацыянальнай мове на працягу яе гісторыі.

«Слоўнік мовы “Нашай Нівы”» – найлепшы спосаб маштабна ўзнавіць карціну моўнай арганізацыі пачатковага этапу станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы з усімі ўласцівымі ёй рысамі і супярэчнасцямі, паказаць яе лексіка-фразеалагічныя адметнасці, перадаць адчуванне яе шырыні і глыбіні.

Як крыніца багатых, нікім не даследаваных і строга дакументаваных лексічных рэсурсаў Слоўнік будзе шчодра жывіць здабыткі сучаснай і будучай айчыннай навукі пра мову. Масавы прыток новых лексічных сродкаў дазволіць істотна пашырыць фактычную базу для слоўнікаў іншай арыентацыі, паглыбіць сістэмнае апісанне слоўнікавага складу беларускай мовы, сінхранізаваць семантычныя зрухі ў розных яе лексічных пластах, раскрыць механізм варыянтнасці як аднаго з важнейшых фактараў фарміравання і развіцця лексіка-семантычнай сістэмы мовы.

Лексікаграфічнае асэнсаванне нашаніўскай моўнай спадчыны адкрывае рэальныя перспектывы і для высвятлення многіх актуальных пытанняў сучаснай беларускай моўнай практыкі, у першую чаргу тых, якія датычаць вызначэння літаратурнай нормы.

Вяртаючы нас да вытокаў беларускай літаратурнай мовы, Слоўнік тым самым пракладвае беларусам найкарацейшы шлях да іх нацыянальных культурна-моўных каранёў і, быццам жывая ніць, лучыць наша мінулае і сучаснае.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы