Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы : больш за 65 000 слоў / уклад. : І.Л. Капылоў [і інш.] ; пад рэд. І.Л. Капылова. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — 968 с.

ISBN 978-985-11-0937-7.

Аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» змяшчае больш за 65 тысяч слоў. У слоўнікавым артыкуле даюцца кароткія тлумачэнні значэнняў слова, прыклады яго ўжывання ў мове, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні. Прыво­дзяцца асноўныя граматычныя значэнні слова, стылістычныя паметы, якія ўказваюць на сферу яго ўжывання, даюцца вытворныя словы, адзначаецца націск. Шырока выка­рыстоўваюцца ў Слоўніку ў якасці ілюстрацый афарызмы, прыказкі, прымаўкі. У па­чатку Слоўніка змешчаны неабходныя ўступныя часткі.

Прызначаны як для спецыялістаў-мовазнаўцаў, так і для шырокага кола карысталь­нікаў.

 

 

«Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў Інстытута мовазнаў­ства імя Якуба Коласа ПАН Беларусі пад навуковай рэдакцы­яй члена-карэспандэнта НАН Беларусі М.Р. Судніка і вядучага навуковага супрацоўніка М.Н. Крыўко ў 1990-я гады. Неабход­насць стварэння такога лексікаграфічнага даведніка ў той час была абумоўлена ў першую чаргу тым, што беларуская мова на­была статус дзяржаўнай і стала шырока выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Адпаведна наспела патрэба ў кам­пактным нарматыўным даведніку, які б максімальна поўна ад­люстроўваў лексічны стан беларускай літаратурнай мовы і быў зручны ў выкарыстанні.

Аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» ствараўся на базе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мо­вы» (ТСБМ) у 5 тамах — б кнігах (Мінск, 1977—1984). Аднак ён істотна адрозніваецца ад свайго папярэдніка: колькасцю растлу­мачаных слоў, структурай слоўнікавага артыкула, сістэмай пада­чы лексічнага матэрыялу і ілюстрацый да значэнняў слоў.

«Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» чатыры разы перавыдаваўся без істотных змен. Апошняе выданне Слоў­ніка выходзіла ў 2005 годзе. У ім растлумачана прыкладна 65 ты­сяч слоў, якія адлюстроўваюць асноўнае лексічнае багацце літа­ратурнай мовы беларускага народа 1980—1990-х гадоў.

Новае выданне Слоўніка працягвае і развівае традыцыі айчын­най лексікаграфіі. Як і папярэднія выданні, новы аднатомны тлу­мачальны слоўнік кампактны і зручны для карыстання. З мэтай скарачэння яго аб’ёму і ў той жа час захавання магчымасці ўклю­чыць неабходныя словы, што ўжываюцца ў беларускай літаратур­най мове, некаторыя разрады лексікі змяшчаюцца ў гняздзе ас­ноўнага слова (больш падрабязна пра састаў і структуру Слоўніка гл. ў раздзеле «Звесткі для карыстальнікаў Слоўнікам»), У прапа­наваным Слоўніку аўтары і рэдактары пастараліся па магчымасці поўна сістэматызаваць падачу вытворных слоў у гнёздах.

У рэестр аднатомнага тлумачальнага Слоўніка не ўвайшлі многія аддзеяслоўныя назоўнікі, усе зваротныя дзеясловы за­лежнага стану, шматлікія прыставачныя дзеясловы (асабліва ка­лі распрацаваны і пададзены ў рэестры самі прыстаўкі як часткі слоў. пры дапамозе якіх утвараюцца іншыя дзеясловы), многія спецыяльныя і вузкаспецыяльныя тэрміны, рэдкаўжывальныя, устарэлыя і абласныя словы і інш.

За апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі са зменамі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны слоўнікавы склад бе­ларускай мовы значна папоўніўся новымі словамі, якія пакуль што не былі зафіксаваны ў «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» і прафесійна ацэнены. Таму новае выданне Слоўніка арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і адпаведна тых пра­цэсаў, якія дэманструюць дынаміку развіцця сучаснага беларус­кага лексікону: вяртанне значнай колькасці лексічных адзінак, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэ­мы, з’яўленне шматлікіх запазычанняў, галоўным чынам англа- амерыканізмаў, абумоўленае працэсамі сусветнай глабалізацыі ў розных сферах жыцця беларускага грамадства.

У сувязі з гэтым была папоўнена лексікаграфічная база і адпа­ведна абноўлены рэестр Слоўніка за кошт увядзення новых, ак­туальных для сучаснай беларускай мовы слоў і частак складаных слоў: аповед, безнаяўны, газа-..., гастарбайтар, гендар, геном, гіпермаркет, гламур, гулец, дамафон, дамен, дамова, дрэс-код, дыскаўнтар, дэвайс, інтэрнэт, камерцыялізацыя, камп ’ютарызаваць, канвертацыя, карупцыянер, карыстальнік, планіраваць, клон, ма­дэм, майстар-клас, маркёр, медыя, мікрахвалёўка, напой, сайт, самнамбул, слэнг, снегавік, субкультура, суразмовец, трэнд, тэндар, фаст-фуд, фітнес, флікер, фрыстайл, хай-тэк, харызма, хіт, хмарачос, холдынг, хоспіс, хуткапрамаўлянка і інш.; уведзе­ны новыя, а таксама шырокаўжывальныя, актуальныя тэрмі­налагічныя і фразеалагічныя выразы: абсалютны нуль, агульная мова, асадзі назад, банкаўская плацежная картка, двайная бух­галтэрыя, мера стрымання, сіліконавая даліна, ствалавыя клеткі, суб’ект права і інш.

Унесены прынцыповыя ўдакладненні і дапаўненні ў значэн­ні некаторых слоў і тэрміналагічных адзінак, а некаторыя слоў­нікавыя артыкулы цалкам перапрацаваны, што абумоўлена са­цыяльна-палітычнымі, эканамічнымі, культурна-адукацыйнымі зменамі ў жыцці грамадства за час перавыдання Слоўніка: Еван­гелле, кааператыў, казіно, камп ’ютар, камунізм, капіталізм, кас­мапалітызм, крыж, крэдыт, ксеракопія, ксеракс, ксёндз, культу­ралогія, наасфера, наркаманія, ноу-хау, радыкалізм, сектанцтва, скрыжаль, спадар, спадарства, спонсар, стаіцызм, стыляга, та­паніміка, тапанімія, царква і інш.

У Слоўніку адлюстраваны некаторыя новыя, актуальныя ў сучаснай беларускай мове значэнні слоў, якія да гэтага часу не адзначаліся ў аднатомным тлумачальным слоўніку. Напрыклад, значэнні слоў галерэя, генерал-губернатар, гурт, дзелавы, дыск, ікра, індыга, карпаратыў, клавіятура, круіз, крышталь, мабільны, меланхолік, метадыст, металіст, навігатар, недабраякасны, не­рухомасць, радыяцыя, ракіроўка, ратацыя, сафары, слабада, спа­рыш, стаўка, тэрмінал, файл, факс, фігурант, цэпелін і інш.

Асобныя лексічныя адзінкі, зафіксаваныя ў папярэдніх вы­даннях Слоўніка, у новым выданні заменены беларускімі ад­паведнікамі: агаломшыць замест агарошыць, горна-абагачальны замест горнаўзбагачальны, Дабравешчанне і Дабравесце замест Благавешчанне, снягурка замест снягурачка, суразмовец замест су­бяседнік і інш.

У рэестр Слоўніка не ўключаны словы, якія на сённяшні дзень не адносяцца да актыўнай лексікі (напрыклад, абласныя, мала­ўжывальныя ў літаратурнай мове), выходзяць за межы літаратур­най мовы або кваліфікуюцца як русізмы: аброжак, аджгір, ад­сябяціна, адухатварыць, гавядзіна, істопка, клады, самадзелка, самадзельны, самаўніжэнне і інш.

Прапанаваны ўвазе карыстальнікаў Слоўнік дае не толькі тлу­мачэнне слоў, ён з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфа­графіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні, па граматыч­най характарыстыцы.

У 2008 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пра­вілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які ўступіў у сілу з І верасня 2010 года. Адпаведна ў Слоўнік унесены змены ў на­пісанне слоў паводле новай рэдакцыі правіл беларускай арфа­графіі. У прыватнасці, адлюстраваны такія арфаграфічныя но­ваўвядзенні, як аблвыканкам, адажыа, альма-матар, анчоўс, аўтсайдар, васьмідзясяты, выканкам, дэзынфекцыя, ёгурт, іаркшыры, іўдзеі, камп ’ютар, лакаўт, лідар, лідарства, лінкар, менеджар, ордар, сальфеджыа, спрынтар, стагадовы, стартар, суаўтар, супермен, сэтар, фаўна і многія інш.

Удакладнена граматычная характарыстыка некаторых слоў: аднастайна пададзены лічэбнікі і канчаткі назоўнікаў агульнага роду, пададзены варыянты канчаткаў назоўнікаў роднага скло­ну множнага ліку, уведзена значная колькасць дзеясловаў без су­фікса -ірава (дэмантаваць, мадэляваць, міграваць, санкцыянаваць і інш.).

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы