Житие блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке : в 2 кн.

Житие блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке : в 2 кн. / науч. ред., предисл., воспр. ц.-слав. текста, пер. на рус. и белорус. яз., коммент. Э.В. Ермоленко; пер. на англ. яз. Т.В. Сальникова. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2012. – Кн. 1 :  Житие блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке [факсим. изд.] – 32 с. ; Кн. 2 : Житие блаженной Евфросинии, игумении монастыря Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке [пер. на ц.-слав., рус., белорус., англ. яз.]. – 128 с.

Рэцэнзенты: член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук А.М. Булыка; кандыдат філалагічных навук Н.В. Паляшчук, кандыдат філалагічных навук Л.В. Ляўшун, кандыдат багаслоўя дыякан Святаслаў Рагальскі.

“Жыціе Еўфрасінні Полацкай” – адзін з найбольш ранніх помнікаў усходнеславянскай агіяграфіі, створаны, як лічаць, у канцы ХІІ ст. у час фарміравання царкоўнага шанавання Прападобнай. Аўтар Жыція невядомы. Даследчыкі схіляюцца да таго, што ім быў не проста сучаснік Еўфрасінні, а чалавек, блізкі да яе кола. Сярод магчымых аўтараў Жыція называюць Міхаіла, слугу Еўфрасінні, які, магчыма, быў манахам мужчынскага манастыра, заснаванага Прападобнай, манаха Давіда, манахіню Еўпраксію, сястру і спадзвіжніцу Еўфрасінні, якая была побач з Прападобнай доўгія гады.

Існуе меркаванне, што першапачаткова Жыціе мела пролажны характар, а перароблена і пашырана было пазней. Да нашых дзён дайшлі толькі спісы XV–XVIII стст., якія размяркоўваюцца на шэсць рэдакцый: 1) рэдакцыя Зборнікаў змешанага складу; 2) рэдакцыя Вялікіх Чэцціх-Міней; 3) рэдакцыя “Кнігі Ступеннай царскага радаслоўя”; 4) рэдакцыя Пролажная І; 5) рэдакцыя Пролажная ІІ; 6) рэдакцыя “Кнігі жыцій святых” Дзімітрыя Растоўскага. Усе яны (звыш 180) захоўваюцца за межамі Беларусі.

Першыя публікацыі “Жыція Еўфрасінні Полацкай” з’явіліся яшчэ ў другой палавіне ХІХ ст. (выданні Г. Кушалёва-Безбародкі, М. Дуброўскага, А. Сапунова). У 1994 г. А. Мельнікавым былі выдадзены адаптаваны царкоўнаславянскі тэкст “Жыція Еўфрасінні Полацкай” па спісе XVI ст. (рукапіс ДБЛ, Масква, Ф. 113, № 632) і яго пераклад на беларускую мову (у “Кнізе жыцій і хаджэнняў”). У 2005 г. апублікаваны падрыхтаваныя даследчыкам адаптаваныя тэксты асноўных спісаў шасці рэдакцый Жыція з указаннямі розначытанняў па іншых спісах у спасылках (у кнізе “З неапублікаванай спадчыны”).

Дадзенае выданне Жыція здзейснена па спісе сярэдзіны XVI ст., які захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу (збор Пагодзіна, зборнік пад № 869, пісаны паўуставам;

займае ў ім аркушы 318 адв. – 332). Спіс адносіцца да рэдакцыі Зборнікаў змешанага складу.

Пагодзінскі спіс даволі цікавы па лінгвістычных асаблівасцях. Выяўленыя ў ім апіскі і памылкі выкліканы хутчэй значнай састарэласцю, зацёртасцю рукапісу-пратографа, а не няўважлівасцю перапісчыка. Тэкст напісаны на царкоўнаславянскай мове. Лакальные моўныя асаблівасці ў рукапісе нешматлікія. Зафіксаваныя варыянтныя напісанні абумоўлены інтра- і экстралінгвістычнымі фактарамі (залежнасць ад пратографа, другі паўднёваславянскі ўплыў, адукаванасць перапісчыка).

Упершыню Пагодзінскі спіс “Жыція Еўфрасінні Полацкай” быў надрукаваны ў “Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры” (Мінск, 1959) А. Коршунава ў адаптаваным выглядзе (раскрыты цітлы, не захаваны скарачэнні, унесены ў радок вынасныя літары, уведзена сучасная пунктуацыя). Пазней у “Хрэстаматыі па гісторыі беларускай мовы” (Мінск, 1961) было змешчана некалькі аркушаў (319–322) з дадзенага спіса з захаваннем важнейшых арфаграфічных асаблівасцей рукапісу. У названай вышэй кнізе А. Мельнікава “З неапублікаванай спадчыны” (Мінск, 2005) розначытанні па Пагодзінскім спісе (№ 869) прыведзены толькі ў спасылках.

Выданне “Жыція Еўфрасінні Полацкай”, падрыхтаванае ў выдавецтве Беларускай Праваслаўнай Царквы, складаецца з дзвюх кніг. Першая кніга – гэта факсіміле Пагодзінскага спіса. У другой кнізе прадстаўлены ўзноўлены царкоўнаславянскі тэкст “Жыція Еўфрасінні Полацкай”, а таксама яго пераклады на рускую, беларускую і англійскую мовы.
Наборнае ўзнаўленне царкоўнаславянскага тэксту здзейснена па алічбаванай копіі Жыція старшым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдатам філалагічных навук Э.В. Ярмоленка.
Царкоўнаславянскі тэкст пададзены з захаваннем яго дзялення на лісты радок у радок, літара ў літару. Графічная сістэма рукапісу не ўніфікуецца. Злітны тэкст разбіваецца на асобныя словы. Скарочаныя напісанні пад цітлай адлюстроўваюцца. Захоўваюцца вынасныя літары,  паярок, знакі прыдыхання і націску. Перадаецца ўжыванне радковага пунктуацыйнага знака (кропкі).
Пераклад царкоўнаславянскага тэксту на беларускую і рускую мовы ажыццёўлены Э.В. Ярмоленка, на англійскую – Т.В. Сальнікавай. Раней дадзены спіс перакладаўся на беларускую мову І.В. Саверчанкам (гл.: Аповесць жыцця і смерці Еўфрасінні Полацкай // Старажытная беларуская літаратура (ХII–XVII стст.) / уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. Мінск: Кнігазбор, 2007. С. 69–87).

Выданне адрасавана лінгвістам, літаратарам, багасловам, гісторыкам, усім, хто цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй Праваслаўнай Царквы.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы